28 рэчаў, якія я зразумеў за 28 гадоў
Парадак выпадковы, могуць быць як важныя, так і зусім не. Як цікавыя, так і банальныя. Калі не забуду, буду рабіць такое кожны дзень нараджэння.
За 28 год я зразумеў наступнае:
1) Не рабіць негатыўных дапушчэнняў, калі можна правесці танны эксперымент
Ужо шмат разоў у жыцці і працы я сутыкаўся з тым, што маё дапушчэнне наконт таго, што нешта не спрацуе аказвалася памылковым. Тое, што не нешта не працавала раней, не азначае, што яно не працуе цяпер. Рэчы змяняюцца. Калі можна правесці танны эксперымент, то лепей яго правесці.
2) Кнігі — адна з найлепшых крыніц ведаў
Сам фармат кнігі прымушае аўтара скласці веды і назірання ў прыдатную для чытача форму. З кнігай няма адчування ўпушчанай выгады, бо веды з яе звычайна актуальны дзесяцігоддзямі, у адрозненні ад артыкулаў і відэа ў інтэрнэце. Карацей — кнігі топ.
3) Мая памяць жахлівая
Я пастаянна забываю штосьці зрабіць, напрыклад, гэты тэкст я пішу перад працай, хаця яшчэ тыдзень таму я хацеў пачаць, каб не рабіць усё ў апошні момант. Карацей, трэба больш сур’ёзна весці каляндар і ставіць нагадванні на ўсё важнае.
4) Вучыць мовы не так складана
Зімой 2022 я не ведаў польскай мовы зусім, а цяпер я спакойна магу прачытаць кнігу па-польску ці паглядзець фільм. Гэты пры тым, што я не прыкладаў нейкіх наднамаганняў, каб яе вывучыць.
5) Дарагія рэчы ўсё адно не ідэальныя
Нават купляючы самую дарагую прыладу ў класе немагчыма атрымаць нешта ідэальная, гэта ўсё адно кампраміс. Колькі б не было грошай, усё адно прыйдзецца мірыцца з недасканаласцю рэчаў.
6) LLM пакуль не настолькі разумныя
Мая вера ў рэвалюцыю штучнага інтэлекту паменшацца з кожным днём актыўнай працы з ChatGPT і іншымі LLM. Так, у параўнанні з тым, што мы мелі раней — гэта ўражвае. Але пакуль не цягне на рэвалюцыю, сістэмы павінны стаць разоў у сто разумней, каб хаця б наблізіцца да чалавека. Але гэта ўсё адно добры інструмент для некаторых задач.
7) Часова = вельмі доўга
Мая часовая праца, каб замацавацца ў Польшчы трывае ўжо больш за 2 гады, я кожны дзень пакутую, прасвет ужо блізка, але ўсё ніяк не прыйдзе. Тое самае з часовымі прыладамі і іншым.
8) Некаторыя працэсы павольныя, і гэта трэба прыняць
Кар’ера не робіцца за два гады, у большасці крутых спецыялістаў стаж 10+ гадоў. Атрыманне віду на жыхарства ў Польшчы таксама займае час. Вучэнне моў займае час. Трэба ўмець разлічваць хаця б на пяць гадоў, бо не ўсё можна паспець зрабіць за месяц ці год.
9) Пасудамыйка гэта скарб скарбаў
Я навучыўся атрымліваць нейкую медытатыўную асалоду ад мыцця посуду пад падкасцік, але пасудамыйка гэта ўсё адно скарб. Бо з ёй замест мыцця посуду можна было б слухаць падкаст пад шпацыр ці заняткі спортам.
10) Другая змена — кайф
Калі не пашчасціла працаваць на добрай працы, на якую ходзіш з энтузіязмам, то другая змена — гэта ўратаванне. Я перанёс пачатак працы на 12:00, і ў першыя чатыры-пяць месяцаў я стаў супермэнам, з раніцы я паспяваў чытаць, пісаць допісы, гуляць у шахматы і гэтак далей. Цяпер я ўжо не такі актыўны з раніцы, але позні пачатак працы дапамагае падтрымліваць маё ментальнае здароўе, інакш я бы канчаткова звар’яцеў.
11) Варшава — прыемны горад
З Варшавай, у адрозненні ад Таліну, не здарылася любові з першага погляду. Але з часам пачынаеш атрымліваць асалоду ад таго, наколькі яна зялёная, вялікая, шматгранная і добра спалучаная з іншымі гарадамі.
12) Не запісаная думка = згубленая думка
Лепей запісваць усе свае думкі, мабыць 90% з іх не прыдатныя, але дзеля 10% каштоўных мае сэнс запісваць усё. Таму добра наладзіць нейкі шорткат на тэлефоне для хуткага запісу думак, нават галасавым.
13) Добра паменшыць паток інфармацыі
Я адпісаўся ад большасці Тэлеграм-каналаў, вялікую частку дадаў у архіў, цяпер я нарэшце магу прачытаць усе паведамлення. Па выніку я атрымліваю больш інфармацыі, а не менш.
14) У крытычныя моманты мозг вельмі крэатыўны
Я прыдумаў сам для сябе чэленджы, але з маёй памяццю я частка пра іх забываю, ўспамінаю у дзень дэдлайну ці нават пасля, і гэта прымушае мозг шукаць крэатыўнае выйсце. І як бы не было дзіўна, яно заўсёды знаходзіцца. Абсалютна не раю практыкаваць такое на працы, бо гэта велічэзны стрэс, а якасць усё адно не найлепшая, але цікава мець такія веды.
15) Кліпавы кантэнт — жах
Я думаў, што ў мяне ёсць імунітэт на кліпавы кантэнт, бо я разумею, як гэта працуе, але не. Я таксама як і ўсе марную пэўны час за праглядам кароткіх вертыкальных відэа. Адзінае маё апраўданне — яны па-ангельску, таму я падтрымліваю ўзровень мовы. Калі сур’ёзна, то я планую пазбавіцца гэтай залежнасці, і зраблю гэта.
16) Можна знайсці свой падыход да рэгулярнасці
Мне складана рабіць нешта штодзень, нават посціць BeReal кожны дзень не атрымліваецца, ёсць пропускі па два-тры дні. У апках для вывучэння моў вытрымаць стрык больш за 100 дзён вельмі складана. Але я нармальна даю рады з штотыднёвымі допісамі ў сваім Тэлеграм-канале. І гэта дае плён, раней я пісаў па натхненню, а цяпер не прывязаны да яго. Новы тыдзень — новы пост.
17) Правільныя танныя рэчы могуць рабіць жыццё лепей
Напрыклад, не так даўно купілі манетніцу, і гэта неверагодна зручная прылада, якая арганізуе ўсе гэтыя манеты ў зручным кластары па наміналах, што зрабіла закупы зручнейшымі. Ці замест папкі з металёвымі кольцамі мы набылі два пластыкавых арганайзера, якія аказаліся зручнейшымі, бо цяпер не трэба расціскаць нейкі механізм, каб дастаць дакумент — проста дастаеш.
18) Ліст жаданых рэчаў — добрая тэма
Я склаў ліст рэчаў, якія мне падабаюцца ў Notion, жонка папрасіла доступ да гэтай старонкі, і па выніку я атрымаў найлепшыя падарункі на Дзень нараджэння ў сваім жыцці. Адначасова збярогся момант сюрпрызу, але разам з тым, я атрымаў тое, што сапраўды хацеў.
19) Беларусы жывуць не толькі ў Беларусі
І я не пра міграцыю, а пра аўтахтонаў, якія стагоддзі жывуць, напрыклад, на Падляшшу. Вельмі цікава слухаць іх мову, бо яны зусім не маюць уплыву расейскай мовы, таму ніколі не зблытаюць „табе“ і „цябе“, але пры гэтым спакойна ўстаўляюць польскія словы ў сваю гаворку.
20) Каб выказвацца, пажадана мець экспертызу
Канапных экспертаў у кожнай галіне свету не бракуе, але гэта не азначае, што трэба далучацца да іх шэрагаў. Прачытаць хаця бы артыкул на Вікіпедыі, а лепей 2-3 кнігі перад тым, як дзяліцца са светам сваёй экспертнай думкай — вельмі карысна.
21) Непасрэдны досвед складана замяніць
Падчас вандровак падмячаеш такія драбніцы, якія складана заўважыць вывучаючы нешта праз інтэрнэт. Можна шмат чытаць пра нейкую кухню, але пакуль не з’ясі нейкую страву, ты не будзеш мець досведу. Тое самае з працай, ці нават жыццём. Бясконцае вывучэнне не заменіць досведу, але яно ўсё адно карысна.
22) Адукацыя патрэбна каб быць адукаваным
Быць адукаваным — гэта ўжо каштоўнасць. Не трэба прыдумляць наступныя крокі, накшталт: «мне трэба мець адукацыю, каб...»
23) Немагчымае можна спрасціць да выканальнага
Не ўсе на свеце, але большасць здавалася б немагчымых ці вельмі складаных рэчаў можна спрасціць да выканальных. Напісаць кнігу — складана ці амаль не магчыма, пісаць главу ў два тыдні і публікаваць у сацмедыя — выглядае цалкам рэальна. І так можна раскласці шмат што.
24) Трэба ўкладацца ў будучыню
За што будучы ты будзе ўдзячны цяперашняму табе, тое і трэба рабіць. Як мінімум некалькі гадзін у дзень.
25) Жыць момантам — добры псіхалагічны трук
Я падслухаў гэта ў украінскіх вайсковых, калі яны маюць час сон перад аперацыяй, яны проста спяць, і не думаюць за шмат пра тое, што адбудзецца праз кароткі час. Дадаткова сябе накручваць перад чымсьці, што можа станецца, а можа не — не карысна. Наказ могуць адмяніць, планы могуць змяніцца, а нават калі не, канцэнтрацыя на моманце дапамагае не вар’яцець.
26) Людзі — гэта важна
Хоць я даволі лёгка перажываю адсутнасць блізкіх людзей побач, але гэта толькі таму, што самы блізкі чалавек побач кожны дзень, і я магу раздзяліць з ёй усё на свеце. Частка блізкіх побач віртуальна, і гэта таксама дапамагае. Быць зусім аднаму было б неверагодна складана.
27) Жыццё — гэта РПГ
У мяне быў неверагодны жыццёвы досвед, калі маё жыццё выглядала як кіно, але ўсё абарвалася нават не дасягнуўшы кульмінацыі. Большасць фільмаў-біяграфій выразаюць палову, ці нават змяняюць факты, каб было больш цікава. Але параўнанне жыцця з РПГ даволі слушнае. Набор квэстаў, частка з якіх аўтаматычна-генерыраваныя, каб проста павялічыць час праходжання. Ну, агульна даволі падобна.
28) Удзячнасць — добрая рыса
Добра ўмець сказаць дзякуй бацькам, блізкім, сябрам, родным, і ўсім, хто неяк табе дапамог. На жаль, прамаўляць сваю ўдзячнасць не вельмі прынята, для гэтага трэба шукаць нейкі повад. Але раю знаходзіць такія повады, ці пераступаць праз нялоўкасць, і казаць «дзякуй» проста ў выпадковы момант.