29 рэчаў, якія я зразумеў за 29 гадоў
Парадак выпадковы, могуць быць як важныя, так і зусім не. Як цікавыя, так і банальныя. Калі не забуду, буду рабіць такое кожны дзень нараджэння.
За 29 гадоў я зразумеў наступнае:
1) Часова ≠ вечна
Усё мінае, у тым ліку і дрэннае. Можа перапрацаваць лішні год на нелюбімай працы, але гэта праца не вечная, будзе новая. Можна лішні год пажыць у часовай кватэры, якую зняў, пакуль не знойдзеш лепшае, але і кватэра зменіцца. Не трэба зашмат пераймацца праз часовыя складанасці, з часам гэта можна выправіць.
2) Сацыяльныя медыя = наркотык
Выдаліць сацыяльныя медыя з тэлефону было адным з найлепшых рашэнняў у маім жыцці. У сац-медыя няма амаль нічога карыснага, дрэнныя эфекты значна пераважаюць карысць. Але з камп’ютара мяне ўсё так і цягне зайсці і паглядзець што там, асабліва калі я занадта стомлены, каб чытаць ці глядзець фільм.
3) Удзячнасць — гэта крута
Трэба знаходзіць час сказаць дзякуй людзям, якія зрабілі нешта добрае. У нашай культуры нібы так не прынята, але трэба перамагаць няёмкасць і казаць дзякуй.
4) Кнігі ўсё яшчэ найлепшая крыніца ведаў
Фармат кнігі прымушае аўтара выказаць думкі дастаткова поўна і структуравана, таму гэта дагэтуль важная крыніца ведаў. Ніякія відэа на Ютубе, курсы, ці артыкулы, не маюць такой сілы.
5) Не працаваць — супер
Я вельмі ўдзячны лёсу, што ў маім жыцці былі доўгія перыяды без працы, але і без надмернага стрэсу. Прыемна мець час на сябе: на чытанне, сур’ёзныя вялікія гульні, кіно, думкі, шпацыры, хобі — праца ўсё гэта забірае, мо і не цалкам, але часткова дакладна.
6) Усё робіцца звычайнымі людзьмі
Калі здаецца, што дарэктары вялікіх карпарацый нейкія больш разумныя за звычайных людзей, ці што ў сур’ёзных кампаніях працуюць нейкія зусім іншыя людзі, то не. Усюды працуюць такія самыя звычайныя людзі, якія робяць такія самыя дурныя памылкі, якія таксама не ведаюць, што робяць.
7) Штосьці трэба ведаць
Веды нібыта губляюць сваю значнасць, калі ёсць LLM з пошукам, але гэта не так. Усё яшчэ важна ўмець прымаць рашэнні за секунды, грунтуючыся выключна на ведах. Ды і пошук значна лягчэй, калі ведаеш дзе шукаць.
8) Не трэба ўспрымаць новыя абставіны за ўзнагароду
Калі складаны жыццёвы этап заканчваецца, то цяперашняе лепшае становішча лёгка прыняць за ўзнагароду — гэта памылка. Гэта проста новае становішча, і каб замацавацца ў ім трэба рабіць ×N ад таго, што рабілася раней.
9) Усё можна зрабіць прасцей
Абсалютна ўсё можна зрабіць прасцей. Варта ці не — іншае пытанне. Але вельмі часта варта, бо надмерная складанасць рэдка дае бонусы, а прастата вельмі часта. Калі я замяняў больш складаныя рашэнні на больш простыя, то заўсёды быў задаволены.
10) Трэба запісваць думкі
Не ведаю колькі пунктаў не патрапілі ў гэты ліст, бо мне было лянота адразу іх запісаць. Некаторыя я ўспомніў, а некаторыя не. Трэба запісваць усё, а будучаму сабе дазволіць вырашаць, важна яно ці не.
11) Настойлівасць дапамагае
Не атрымалася адразу — можна паспрабаваць другі, трэці, чацвёрты, ці нават 20 раз. Калі табе, праекту, карыстальнікам, кліентам, ці камандзе нешта трэба, то не здавацца пасля першай спробы — гэта добрая тактыка.
12) Пераключэнне — гэта асобны навык
Можа дасканала ведаць чатыры мовы, але мець складанасці з пераключэннем паміж імі. Можна не мець праблем з працай на МакАС ці Віндоўс, але пры пераключэнні блытаць шорт-каты. Хутка пераключацца — гэта асобны навык, які патрабуе дадатковай трэніроўкі.
13) Чалавечы мозг — машына для моў
Я не верыў, што мову можна вывучыць праз слуханне і чытанне, але яно сапраўды працуе нейкім магічным чынам. Дзеці так і вучаць мовы, але і дарослым яно даступна. Проста трэба мець шмат часу.
14) Грошы — гэта інструмент
Грошы — гэта інструмент, каб купляць свабоду. Свабоду вандраваць, свабоду не працаваць і думаць, свабоду выбіраць з розных варыянтаў, свабоду памыляцца. Калі больш грошай не азначае больш свабоды, хаця б у доўгай перспектыве, то лепей мець менш грошай і больш свабоды.
15) Пільнаваць выдаткі карысна
Запісваць усе свае выдаткі можа падавацца занадта складаным, але насамрэч гэта даволі лёгка рабіць, дзякуючы сучасным тэхналогіям. І гэта дапамагае быць больш свядомым у фінансавых рашэннях. Ведаючы, што рэстараны, кавярні і дастаўкі лёгка могуць з’есці трэць бюджэту, ад іх лёгка адмовіцца. Інфармацыя, што на арэнду кватэры ідзе ў тры разы больш сродкаў, чым на прадукты, дапамагае планаваць. А ведаць, што „дарагое“ хобі насамрэч апошні слупочак у расходах, проста прыемна.
16) Свет складаны
Калі нехта прапануе вельмі простую мадэль, то яна хутчэй за ўсё ілжывая. Часамі, яна дастаткова дакладная, каб вырашаць задачу, але трэба памятаць аб яе недакладнасці, каб потым не здзіўляцца. Свет складаны, шматслойны ды шматгранны.
17) Ангельская — мова свабоды
Я вельмі ўдзячны маці за перавод мяне ў школу з вывучэннем ангельскай, бо французскую я усё адно не вывучыў, а ангельская дала мне шлях у жыццё. Дзякуючы ангельскай я маю цяперашнюю і меў папярэднюю працу, яна ж дапамагла з лёгкасцю адмовіўся ад расійскай прапаганды, якую некаторыя называюць кантэнтам, без яе я не меў бы такой свабоды ў выбары кніг ды відэа, а вандроўкі былі б жахам.
18) Не трэба біцца ў сцяну галавой
Сучасныя паспяховыя-поспехі на ножках вучаць ніколі не здавацца ды ісці да канца, але гэта хібная логіка. Часамі здацца — гэта самае разумнае, што можна зрабіць, бо гэта дапаможа зберагчы рэсурсы на больш важнае ці прыбытковае.
19) Электронная чыталка — класная прылада
Раней я думаў, што чытаць на тэлефоне нармальна, і наогул мне падабаецца, але на дзень нараджэння жонка падарыла мне электронную чыталку, і я больш не хачу чытаць на тэлефоне. Больш не норм.
20) Прастора без спакус — добры спосаб на змены
Змаганне з дэструктыўнымі жаданнямі — гэта энергазатратая справа, таму лепей арганізаваць фізічную і віртуальныя прасторы так, каб не мець спакус, а не змагацца з імі. Прасцей выдаліць сацыяльныя медыя з тэлефону замест абяцання менш у іх сядзець. Таму ж і параварка гэта добрая ідэя — на ёй складана прыгатаваць нездаровую ежу.
21) Прыняць тое, што не можаш змяніць — мудрасць
Прынцып апісаны ў працах стоікаў і ў гэтай простай малітве:
Божа, дай мне душэўны спакой прыняць тое, што я не магу змяніць,
мужнасць — змяніць тое, што магу,
і мудрасць — заўсёды адрозніваць адно ад другога.
22) Без прыкладу — не зразумела
Калі трэба нешта растлумачыць, то лепей даваць прыклад, бо інакш будзе не зразумела. Чалавечы мозг добра разумее прыклады, але дрэнна абстрактныя канцэпцыі. Напрыклад, пункт нумар 20 быў бы не зразумелы, калі я не прывёў прыклады.
23) Нахабства працуе
Як прабрацца на апошні паверх хмарачоса падчас будовы — проста пераскочыць праз плот і залезці на самы верх. І так можна дасягнуць шмат чаго, трэба проста ўзяць і зрабіць, вось так проста, na chama.
24) Энергія важней за час
Энергію складана вымяраць, і таму яе зусім не улічваюць у планаванні, а тым часам яе вельмі важна ўлічваць. Часамі адна задача з’ядае так шмат энергіі, што знішчае жаданне рабіць хоць нешта, а іншая задача займае цэлы дзень, але наадварот натхняе на працу і дадае энтузіязму.
25) Калі можна зрабіць адразу, лепей зрабіць адразу
Напісалі паведамленне, ужо пачаў яго чытаць, лепей адразу ж і адказаць, бо потым прыйдзецца па новай разбірацца ў кантэксце. Заўважыў баг у праекце, адразу ствары таску. Трэба нешта купіць — закажы анлайн ці дадай у ліст пакупак, адразу. Калі задачу немагчыма зрабіць адразу, то трэба зрабіць хоць нешта, напрыклад запісаць ці запланаваць.
26) Можна проста пачакаць адпаведнага моманту
Няма вялікага сэнсу выбіраць фарбу на сцены, калі будуецца падмурак дому. Вельмі часта пачакаць адпаведнага этапу, каб запрапанаваць свой план — найлепшая стратэгія. Не трэба занадта настойлівым у неадпаведны момант.
27) Можаш і хочаш зрабіць сам — зрабі
Калі для таго, каб дасягнуць найлепшага рэзультату трэба выйсці за рамкі сваіх паўнамоцтваў, то вельмі часта так і трэба зрабіць, але не забываць пра такт: спытаць перад выйсцем за рамкі ці запрапанаваць сваё рашэнне проста як ідэю ці варыянт.
28) Амерыканскі пазітыў — гэта супер
Раней я вельмі няшмат працаваў з амерыканцамі, таму пра таксічны амерыканскі пазітыў чуў толькі з расказаў іншых. Выпрабаваўшы таксічны амерыканскі пазітыў на сябе магу сказаць толькі адно — гэта цудоўна, значна лепей за „славянскую шчырасць“. Я не ведаю наколькі пазітыў шчыры, але працаваць ва ўмовах, дзе тваю працу шануюць, а цябе паважаюць, вельмі прыемна.
29) Апошні рывок самы цяжкі
Лёгка нешта рабіць, і рабіць гэта нешта можна бясконца, але апошнія 5%, розніца паміж рабіць і зрабіць, — гэта найважнейшая і найбольш складаная частка. На яе трэба выдзяляць больш часу і энергіі.