Blog
August 6, 2023

27 важных і не вельмі рэчаў, якія я зразумеў за 27 гадоў

Парадак выпадковы, могуць быць як важныя, так і зусім не. Як цікавыя, так і банальныя. Калі не забуду, буду рабіць такое кожны дзень нараджэння.


За 27 год я зразумеў наступнае:

1. Паперкі вельмі важны ў дарослым свеце

Я не давучыўся ва ўніверсітэце, бо думаў, што дыплом нікому не патрэбны. Але польскай амбасадзе ён патрэбны, без яго візу ПБХ не даюць. Тое самае са шлюбам, жонка гэта зразумелы канцэпт для дзяржавы, а дзяўчына — не вельмі.

2. Лепш займацца сваімі праектамі, наёмная праца — жах

Мае сэнс развіваць свае хобі, пэт-праекты, зацікаўленасці і гэтак далей, бо абменьваць час на грошы не вельмі прыемна.

3. Рэгулярнасць важней за якасць

Рабіць штосьці пастаянна, але менш якасна па выніках будзе больш карысна, чым якасна, але час ад часу. Датычыцца навучання, працы, адносін, і г.д.

4. Жыць у роднай культуры значна прыемней

Калі я перайшоў з расейскай мовы на родную, стаў спажываць кантэнт на беларускай, пісаць і думаць па-беларуску, я пачаў адчуваць сябе больш цэласным. Бо расейскія каштоўнасці мне не блізкія, а кантэнт на іх мове прапагандуе гэтыя каштоўнасці.

5. Праграмаванне — важны навык

Я страціў шмат магчымасцяў праз тое, што не аўтаматызаваў працэсы праз код. Мог бы быць значна багацей, шчаслівей і мець больш часу.

6. Дарагія рэчы сапраўды лепей

Не, гэта не завышаная цана для драчкоў, яны проста сапраўды лепей. Мышкі Лагітэк лепш мышак Бладзі, красоўкі Пума лепш красовак з рынку, Айфон лепш Сяомі за 300 баксаў.

7. Інструмент засвоіць прасцей, чым тэорыю

Дызайнеры, якія пераходзілі з Фаташопу на Фігму на два-тры гады пазней за мяне, засвоілі яе на прыкладна тым жа ўзроўні. Калі ведаеш базу — інструмент не вялікая праблема.

8. Рэчы змяняюцца

Калі штосьці не працавала тры гады таму, то далёка не факт, што яно і дагэтуль не працуе. Усё змяняецца, таму трэба пераправяраць старыя веды. Інакш можна верыць, што Эстонія і дагэтуль выглядае як савок.

9. Не ўсю інфармацыю можна хутка знайсці ва Інтэрнэце

Таму трэба зберагаць важную інфармацыю ў папках, базах ведаў і гэтак далей. Калі не зберагчы, то ва інтэрнэце больш не знойдзеш. 

10. Матэматыка гэта крута і важна

Я выкарыстоўваю матэматыку ў жыцці на працы, гэта дапамагае. Так, вельмі простую, але без яе мне было б цяжка.

11. Жыццё — не кіно

Калі падаецца, што ты галоўны герой і сюжэт дасягнуў апагею, то гэта можа скончыцца ў адзіны момант без аніякага развіцця. Зусім нецікава і празаічна, бо драматургія працуе ў кіно і тэатры, але не ў жыцці.

12. Трэба запісваць свае думкі

Думка, якая не была запісана, будзе забыта. Трэба запісваць. А калі запісаў, то можаш рэалізаваць ідэю нават праз тры гады.

13. Упэўнення і нахабныя людзі жывуць лепей

Часамі трэба завысіць пажаданы заробак, паверыць у тое, што ты заслугоўваеш большага, бо інакш акрамя сапраўдных цяжкасцяў прыйдзецца бароцца яшчэ і з абмежаваннямі ў галаве.

14. Усё ўсюды па-рознаму

Калі вам кажуць, што ўсюды ўсё тое самае, — не верце. Не існуе ніякай агульнай Еўропы, кожная краіна мае свае адметнасці, у Польшчы не так як у Эстоніі. Не існуе некіх славян, у Беларусі ўсё не так як у Польшчы ці Украіне. Нават кожнае сям'я мае свае традыцыі, якіх у іншых сем'ях няма.

15. Не трэба разменьваць будучыню на грошы, але цяпер

Заўсёды трэба ўкладацца ў будучыню, каб праз пяць гадоў не шкадаваць, што пяць гадоў таму не пачаў чымсьці займацца. Зразумела, што жыць на штосьці трэба, але лепш шукаць кампраміс, чым проста абменьваць час на грошы.

16. Трэба ўмець казаць «НЕ»

Не — гэта самае важнае слова ў жыцці, 90% маіх праблем ад таго, што я не змог сказаць «не», калі гэта было трэба.

17. Пасудамыйка — гэта скарб

Сур'ёзна, лепшы гаджэт на свеце. Паляпшае сямейнае жыццё, дазваляе менш думаць а быце, больш а важных рэчах.

18. Не трэба ігнараваць людзей

Лепш напісаць хоць штосьці ў адказ, чым нічога. Нават калі паведамленне не мае вялікага сэнсу. Інакш людзі крыўдзяцца, не зразумела чаму.

19. Трэба называць людзей імёнамі, якімі яны прадставіліся

Стася — гэта Стася, Алесь — гэта Алесь, Аляксандр  — гэта Аляксандр. Не трэба прыдумляць нейкую іншую форму, калі чалавек так прадставіўся, то ён гэта зрабіў не проста так. Мне, дарэчы, не важна, але шмат каго крыўдзіць.

20. Імя — важная частка ідэнтычнасці

Алекс — гэта хто хочаш, амерыканец, брытанец, паляк, а вось Алесь хутчэй за ўсё беларус. Таму калі хочаш быць прадстаўніком нацыі, то лепш падпісвацца так, як прынята ў роднай традыцыі.

21. Не трэба засцілаць ложак

Як мінімум гадзіну пасля таго як прачнуўся не трэба, бо інакш ствараюцца прыемныя ўмовы для бактэрый, пот+цяпло=топ для пачвар.

22. Лепш абяцаць менш

Лепш паабяцаць менш і зрабіць больш, чым наадварот. Калі абяцаў зрабіць на пятніцу, але зрабіў у чацвер, то гэта лепш, чым калі абяцаў у аўторак, а зрабіў у чацвер.

23. Штучны Інтэлект — не проста хайп

Мабыць гэта не зусім рэвалюцыя, але дакладна не проста хайп накшталт НФТ, ці Веб 3.0. ШІ дае сапраўдную эканомію часу і грошай, таму мае сэнс хоць трошкі цікавіцца гэтай галінай тэхналогій.

24.  Адвёртка — гэта не так страшна

Шмат што можна парамантаваць самастойна, не абавязкова несці ў рамонт, дзе гэта будзе даўжэй, даражэй і менш якасна. Нават не абавязкова мець прамыя рукі.

25. Разумець недастаткова, трэба рабіць

Звычайна, людзі якія робяць, але не разумеюць, дасягаюць большага, чым сядзячыя на дупе геніі з разумным выглядам, якія ведаюць як правільна.

26. Лепш неяк, чым ніяк

Шмат праектаў загублены праз жаданне зрабіць ідэальна, але лепш рабіць проста нармальна і палепшаць, чым проста не зрабіць.

27. Часамі трэба быць больш настойлівым

Нават калі падаецца, што ўпэўненасць не надта абгрунтавана, мае сэнс больш актыўна настойваць на сваёй ідэі, каб не быць потым чалавекам, які кажа «а я ж казаў, а вы не слухалі».


Да сустрэчы ў наступных годзе.